Беларусь – незалежная дзяржава
ЗМЕСТ
1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Грамадска-палітычнае жыццё
2. Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусі ў 1991-2003 гг. Праграмы развіцця эканомікі рэспублікі
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Грамадска-палітычнае жыццё
25 жніўня 1991 г. пасля няўдалага путча ў Маскве нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”. Такім чынам, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі. 19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаным варыянце – Беларусь), былі вызначаны нацыянальныя сімвалы – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета – С.С. Шушкевіч.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі спрыяла далейшаму развіццю дэмакратычных адносін. Хутка развівалася незалежная прыватная прэса. Быў спрошчаны выезд грамадзян за мяжу. Ужо ў першыя гады незалежнасці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў, якія з’явіліся пасля прыняцця закона “Аб грамадскіх арганізацыях”. У 1994 г. парламент прыняў закон аб палітычных партыях, які гарантаваў грамадзянам нашай краіны права свабоды палітычных поглядаў і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці.
У 1992 г. былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з ЗША, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Ізраілем, Польшчай і іншымі краінамі, нармалізаваны адносіны з беларускай дыяспарай, падпісаны найважнейшыя міжнародныя дамовы, якія гарантавалі далейшае развіццё Беларусі як мірнай дэмакратычнай дзяржавы. У 1993 годзе адбыўся З’езд беларусаў свету.
У верасні 1991 года пачалося стварэнне беларускай арміі, у 1992 годзе было заснавана міністэрства абароны, абвешчана абаронная дактрына Беларусі, згодна з якой Беларусь абвяшчалася безядзернай краінай.
Пасля распаду СССР перад Рэспублікай Беларусь паўстала задача пабудовы незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Важнай падзеяй стала распрацоўка асноўнага закона Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі. Канстытуцыйная камісія працавала да 1994 года. 15 сакавіка Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Беларусі, згодна з якой у краіне ўводзіўся пост Прэзідэнта. У гэтых умовах у чэрвені 1994 г. адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі. На выбарах у другім туры перамог Аляксандр Лукашэнка, праграма якога прадугледжвала правядзенне радыкальных эканамічных рэформ, пабудову справядлівага грамадства і барацьбу з карупцыяй і цеснае эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй. Рэалізацыя праграмы цеснага супрацоўніцтва з Расіяй прывяла да падпісання 2 красавіка 1996 г. Дамовы аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі. Расія адкрыла для Беларусі свае рынкі і стала пастаўляць сыравіну і энергію па льготных цэнах. Беларусі былі спісаны даўгі больш чым на мільярд долараў за папярэднія пастаўкі энергарэсурсаў.
Канстытуцыя 1994 г. ўяўляла сабой варыянт прэзідэнцкай рэспублікі пры дамінуючай ролі парламента. Гэта не адпавядала палітычнай сітуацыі ў краіне, калі большасць насельніцтва выказвала давер прэзідэнту. Ступень даверу да калектыўнага прадстаўнічага органа была значна ніжэй. ............