Тэма: Беларусь і беларуская мова ў ХІХ ст
Адносіны грамадскасці да беларускай мовы
Развіццё параўнальна-гістарычнага мовазнаўства спрыяла абуджэнню цікавасці грамадскасці і лінгвістаў, у прыватнасці, да розных народаў і іх моў. Адной з такіх моў і была беларуская. Цікавасць да беларускай мовы абудзілі і палітычныя прычыны. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь была аб’яднага з Расіяй, увайшла ў склад Расійскай імперыі. Гэта гістарычная падзея мела моцны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, асветы беларускага народа. Інтылігенцыя Беларусі пачала праяўляць цікавасць да дасягненняў рускай культуры і навукі. Грамадскасць Расіі таксама зацікавілася гісторыяй, навукай, мовай народа, які быў далучаны да Расіі. Узніклі спрэчкі, хто такія беларусы і якой мовай яны карыстаюцца. Вырашэннем гэтага пытання заняўся царскі ўрад. Было заяўлена, што Расія вярнула сабе частку сваіх земляў, якія некалі страціла. Польскі ж бок сцвярджаў, што Беларусь – частка Польшчы, беларуская мова – дыялект польскай. Такім чынам, самастойнасць Беларусі і беларускай мовы адмаўлялася абодвума бакамі. Назва “Беларусь” таксама афіцыйна не выкарыстоўвалася, замест яе выкарыстоўваліся назвы “Западнорусский край” і “Северо-Западный край”. У адносінах да беларускага народа праводзілася антынародная палітыка, ажыццяўляліся меры, накіраваныя на русіфікацыю, на знішчэнне думкі пра існаванне Беларусі як асобнага нацыянальнага рэгіёна са сваім гістарычнамі, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі.
Ва ўмовах афіцыйнага непрызнання беларусаў як самастойнай нацыі абмяжоўваліся і сферы выкарыстання беларускай мовы. Адразу ж пасля далучэння на заходнія губерніі (Беларусь) пашырыўся указ Пятра І ад 1720 г., згодна з якім, забаранялася друкаваць кнігі на якой-небудзь мове, акрамя расійскай. Кацярына ІІ адкрыта ставіла мэту знішчыць са свядомасці мясцовага насельніцтва шкодную думку пра якія-небудзь адрозненні беларускага і ўкраінскага народаў ад расійскага. Ва ўмовах татальнай русіфікацыі беларуская мова, на якой у папярэднія часы была створана багатая літаратура, засталася толькі сродкам побытавых зносін вясковага насельніцтва.
Усё гэта адмоўным чынам адбівалася на вывучэнні беларускай мовы, магчымасцях стварэння літаратуры на ёй і нават магчымасці яе існавання. Сярод мовазнаўцаў існавалі процілеглыя меркаванні і погляды на беларускую мову. Адны з іх, знаходзячыся ў межах звыклых уяўленнях і стэрэатыпаў, лічылі беларускую мову дыялектам велікарускай або польскай мовы (У.Даль, В. Багародзіцкі, А.Будзіловіч, І.Лапо, А.Сабалеўскі, І.Сразнеўскі, А.Патабня і інш.). Іншыя даследчыкі (С.Ліндэ, Я.Чачот, М.Надзеждзін, М.Максімовіч, К.Калайдовіч, П.Шпілеўскі, З. Даленга-Хадакоўскі, Дз.Языкаў) разглядалі беларускую мову як самастойную і заклікалі вывучаць яе.
Падставай лічыць беларускую мову дыялектам польскай або рускай даследчыкі лічылі супадзенне некаторых з’яў беларускай мовы з польскай або рускай. Але ж наяўнасць такіх супадзенняў абсалютна натуральная ва ўмовах геаграфічнай блізкасці і генетычнай роднаснасці, такія мовы не могуць не мець агульных рыс. Грунтоўнае ж і аб’ектыўнае вывучэнне беларускай мовы выяўляла наяўнасць у ёй вялікай колькасці спецыфічных, адметных і непаўторных рыс. ............