Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў
Змест
1. Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў
1.1 Літаратура
1.2 Жывапіс
1.3 Скульптура
1.4 Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў
У пераходны перыяд ад сярэдневечча да новага часу сфарміраваўся беларускі тып рэнесанснай культуры, узніклі перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Рэнесансная культура ў рэчышчы еўрапейскага працэсу саступіла месца культуры барока, якая раскрылася на Беларусі ў дзвюх разнавіднасцях – усходнеславянскай, якая сфарміравалася на аснове сінтэзу мясцовай культуры і заходнееўрапейскага ўплыву і чыстай заходнееўрапейскай, носьбітамі якой на Беларусі былі каталіцкія ордэны. Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. аказалі рэлігійныя працэсы (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія), пазнейшы эканамічны заняпад і палітычны крызіс.
1.1 Літаратура
На мяжы паміж гуманістычным Адраджэннем і культурай барока сфарміравалася творчасць Сімяона Полацкага і тэарэтыка літаратуры і красамоўства, новалацінскага польскага паэта М.Сарбеўскага. У беларускай літаратуры таго перыяду летапісны жанр саступае месца новым напрамкам: публіцыстыцы, палітычнай сатыры, паэзіі, гісторыка-мемуарнай літаратуры. Пад уплывам рэфармацыі і контррэфармацыі з’яўляюцца публіцыстычныя творы С. Буднага, В. Цяпінскага, П. Скаргі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Карповіча, братоў Зізаніяў. Адметнымі ўзорамі мемуарнай літаратуры становяцца дыярыўшы – свецкія дзённікі. Прыкладам можа служыць "Дзённік" наваградскага падсудка Федара Еўлашоўскага (1546-1616), "Дыярыўш" А. Філіповіча (1597?-1648), якія ярка апісваюць скандальныя і трагічныя падзеі гісторыі Бацькаўшчыны. У другой палове XVII-ХVIII стcт. мемуарыстыка становіцца шматмоўнай. Вялікую цікавасць выклікаюць уласныя ўспаміны аб шматлікіх падарожжах наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай (Русецкай). Да ранняй эпісталярнай спадчыны адносяцца "Допісы" аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1530-1587), у якіх аўтар піша аб пагранічным жыцці, аб планах Івана ІV у адносінах да ВКЛ.
Таленавіты вучоны і публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч М. Сматрыцкі (1577-1633) больш вядомы сваім сучаснікам як пісьменнік-палеміст, аўтар шматлікіх твораў, сярод якіх вылучаецца "Фрынас" (1610), дзе пісьменнік выступае супраць акаталічвання і прыняцця царкоўнай уніі. За выданне гэтага твора быў прыгавораны да турэмнага зняволення другі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч, адметны прадстаўнік аратарскай прозы Лявонцій Карповіч (1580-1620).
З канца ХVІ ст. у еўрапейскай літаратуры і мастацтве вылучаецца стыль барока, які бярэ сабе на ўзбраенне каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі. Ён характарызуецца кантраснасцю, параднасцю, рухавасцю формы, апеляцыяй да пачуццяў, супярэчлівасцю, метафарычнасцю. У літаратуры гэта праяўляецца ў з’яўленні "высокай" паэзіі, адметным прадстаўніком якой становіцца паэт і драматург, кнігавыдавец, асветнік і грамадскі дзеяч С. Полацкі (1629-1680). Найбольш значнымі яго творамі сталі зборнікі паэтычных твораў "Ветроград многоцветный" і "Рифмологион". ............