БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ
кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры
РЭФЕРАТ
на тэму:
«ТРАНСФАРМАЦЫЯ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ ЧЭХІІ»
МИНСК, 2008
Аналізуючы характар пераўтварэнняў у сістэме СМІ Чэхіі, мы павінны ўлічваць, што фарміраванне іх новай інфраструктуры адбывалася пад уплывам працэсаў тэрытарыяльна-адміністрацыйных змен. Чэшская грамадская думка перажыла моманты змен палітычных арыентыраў, адэкватных працэсам у былой Югаславіі і былым Савецкім Саюзе. І хоць падзел былой Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі (у 1990–1992 гг. – Чэха-Славакіі) на дзве незалежныя краіны адбыўся больш цывілізавана, чым ў былой Югаславіі або ў былым СССР, ён тым не менш балюча адбіўся на грамадскім светапоглядзе.
Аднак у адрозненне ад многіх суб'ектаў былых Югаславіі і СССР, якія не могуць у бліжэйшае дзесяцігоддзе разлічваць на ўваходжанне ў склад Еўрапейскага Саюза, для Чэхіі далучэнне да «адзінай Еўропы» стала тым фактарам, які дазволіў пазбавіцца заганнага пачуцця пакрыўджанага «старэйшага брата» і разлічваць на яднанне з «братамі-славакамі» ўжо на новым ўзроўні ў межах «адзінай еўрапейскай сям'і».
Настальгічныя пачуцці па колішнім адзінстве чэхаў і славакаў і зараз прысутнічаюць у матэрыялах на старонках газет, у радыё- і тэлеэфіры. Чэшскія журналісты дагэтуль не забываюць, што «аксамітная рэвалюцыя» адбылася ў адзінай ЧССР, і менавіта сродкі масавай інфармацыі сталі ініцыятарам і галоўным рухавіком сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў.
Так, 19 лістапада 1989 г. у Празе паліцыя разагнала студэнцкую дэманстрацыю, арганізаваную з нагоды 50-годдзя Міжнароднага дня студэнта. Пры разгоне былі збіты чатыры журналісты – чэх, брытанец, галандзец і амерыканец. Наступным днём на той жа плошчы сабраліся 400 журналістаў, якія спярша асудзілі паліцэйскіх за збіццё сваіх калег, а потым і рэжым Камуністычнай партыі Чэхаславакіі на чале з Густавам Гусакам. Менавіта ў той дзень на мітынгу прагучала выказванне: «Чатыры раззлаваных журналісты страшней за чатырыста жаўнераў». Раззлаваныя журналісты прынялі на мітынгу рэзалюцыю, у якой асуджалася аднапартыйная манаполія на сродкі масавай інфармацыі і абвяшчалася пераўтварэнне Саюза журналістаў у незалежны сіндыкат. Такім чынам, грамадскія пераўтварэнні ў Чэхаславакіі пачаліся ў сферы СМІ. У далейшым трансфармацыя інфармацыйнай прасторы адбывалася пад лозунгамі прадстаўлення максімальнай свабоды слова. СМІ віталі заканадаўчую адмену 4-га артыкула Канстытуцыі аб кіраўнічай ролі Камуністычнай партыі ў грамадстве.
У сакавіку 1990 г. парламентам былі зацверджаны папраўкі ў Закон аб друку 1966 г. Згодна ім, права на выдавецкую дзейнасць атрымалі прыватныя асобы, спрасцілася працэдура рэгістрацыі выданняў. Гэтае рашэнне спарадзіла, як і ў суседніх краінах рэгіёна, газетна-часопісны «бум» – у бліжэйшыя 5 месяцаў было зарэгістравана 1200 новых перыядычных выданняў. Яшчэ праз 4 месяцы, па стане на 1 красавіка 1991 г., іх колькасць дасягнула 2000 назваў.
Адначасова шпаркімі тэмпамі губляў сваіх чытачоў былы партыйны друк. Напрыклад, орган ЦК КПЧ штодзённая газета «Народнае права», якая ў лістападзе 1989 г. мела 1 млн падпісчыкаў, праз год мела ўжо 500 тыс. падпісчыкаў. У далейшым гэтыя тэмпы зменшыліся, колькасць падпісчыкаў стабілізавалася на ўзроўне 215–225 тыс. ............