БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ
Кафедра беларускай і рускай моў ФДП і ПА
Рэферат на тэму:
«БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ»
Мiнск, 2008
1. СУТНАСЦЬ І АСАБЛІВАСЦІ БІЛІНГВІЗМУ
Праблема моўнага жыцця ў нашай рэспубліцы сёння адносіцца да адной з найбольш актуальных і складаных. Разам з тым гэта праблема існуе не толькі ў нашай краіне, але і ў гісторыі суіснавання іншых народаў, іх культур і моў у шматнацыянальных краінах наогул.
Паводле даных Акадэміі навук Францыі, насельніцтва зямнога шара гаворыць не менш чым на 2796 мовах, якія аб’ядноўваюцца ў 11 вялікіх і каля 50 малых моўных груп, а ўсе, хто гаворыць на гэтых мовах, выкарыстоўваюць ад 7 да 8 тысяч дыялектаў. Нямецкія ж вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць на мовах, колькасць якіх перавышае 4000, а ўсяго навуцы вядома каля 6000 жывых і мёртвых моў.
Стварэнне моўнай карты свету з кожным днём становіцца справай усё больш цяжкай, бо практычна на Зямлі няма аднамоўных краін і нават буйных гарадоў. Напрыклад, Лондан англійскія вучоныя называюць “лінгвістычным Вавілонам”, бо, паводле звестак міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, у ім гавораць на 147 мовах, хоць, зразумела, найбольш на англійскай. Тлумачыцца гэта тым, што выхадцы з былых брытанскіх калоній прывезлі з сабой і свае мовы.
Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя: краіна такая ёсць, а мовы швейцарскай няма. На захадзе гэтай рэспублікі гавораць па-французску, на поўдні – па-італьянску, а ў большасці кантонаў – па-нямецку, прычым у кожным “нямецкім” кантоне свой дыялект (гл.: Маршэўская, 2003, 210).
Няма, як вядома, і амерыканскай мовы. Дзяржаўнай мовай 16 краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі з’яўляецца іспанская мова. Дзве буйнейшыя дзяржавы Новага Свету (Злучаныя Штаты Амерыкі і Бразілія) – англа- і партугаламоўныя. Ні адна з краін Амерыкі не карыстаецца сваёй спрадвечнай мовай. Арабская мова стала мовай рада культурна розных народаў ад Індыйскага да Атлантычнага акіяна. Большасць былых калоній прыняла мову колішніх каланізатараў, а Індыя з яе надзвычай багатай культурай і вялікімі традыцыямі назвала англійскую мову адной з дзяржаўных. Нават у Старым Свеце, у Еўропе рад краін не мае сваёй спрадвечнай мовы. Няма мовы бельгійскай: у Фландрыі гавораць на фламандскай, а ў Валоніі – на французскай мове. У Аўстрыі карыстаюцца нямецкай мовай, у Люксембургу – нямецкай і французскай. Цікавае становішча склалася ў былой шматнацыянальнай Югаславіі, дзе Сербія, Харвація, Боснія, Герцагавіна і Чарнагорыя карыстаюцца адной мовай – сербахарвацкай. З другога боку, не толькі народы Шатландыі, Уэлса, якія ўваходзяць у склад Вялікабрытаніі, але і народ Ірландскай рэспублікі перайшоў на англійскую мову (гл.: Мартынаў, 1989, 13).
Зразумела, што зберажэнне сваёй спрадвечнай мовы і спрадвечнай культуры – факт пазітыўны, але ў рэальнай гісторыі чалавецтва ён хутчэй выключэнне, чым правіла. Народы свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.). ............