Ад Люблінскай вуніі да расейскай акупацыі Беларусі
Асноўны ўдар па дзяржаўнай самастойнасьці Вялiкага Княства Літоўскага быў зроблены Люблінскай вуніей у 1569 г. Прадстаўнікі беларусаў, украінцаў і ліцьвіноў, на самым пачатку Люблінскага сойму, зажадалі зацьверджаньня каралём апошня апрацаванага і папраўленага Літоўскага Статуту, запэўняючага непадзельнасьць і самастойнасьць Вялiкага Княства Літоўскага. Аднак палякі на гэта не згадзіліся. Тады прадстаўнікі Беларусі пачалі раз'яжджацца з сойму, хочучы такім чынам прыпыніць ход вуніі. Палякі скарысталі з іх ад'езду і пачалі рабіць націск на прадстаўнікоў паасобных земляў. Такім чынам Палесьсе было змушана згадзіцца асобна на вунію, пасьля – Валынь, Падольле, Брацлаўскае і Кіеўскае ваяводзтвы. Усе гэтыя абшары былі адабраны ад Вялiкага Княства Літоўскага і далучаны непасрэдна да Польшчы. Беларусь і Жамойць найбольш цьвёрда супроцьставіліся вуніі. Але, пад уплывам трываючай цяжкой вайны з Масквой і яны былі змушаны пагадзіцца на вунію з Польшчай. На аснове гэтай вуніі:
1) Вялiкае Княства Літоўскае і Польшча на вечныя часы зьліваліся ў вадно дзяржаўнае цела з адным каралём, выбіраным на супольным сойме;
2) быў устаноўлены адзін супольны сэнат і сойм пад старшынствам караля, скліканыя ў Польшчы;
3) быў скасаваны асобны сойм Вялiкага Княства Літоўскага;
4) былі захаваныя асобныя назовы дзяржаваў: Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае;
5) Вялiкае Княства Літоўскае захавала асобную адміністрацыю, асобны скарб і асобнае войска;
6) жыхары ВКЛ на роўні з палякамі мелі карыстацца ўсімі сваімі правамі грамадзянскімі і рэлігійнымі;
7) у ВКЛ усе акты і законы і усё справаводзтва ў судох – будуць на беларускай мове;
8) грамадзяне абоіх дзяржаваў могуць вольна сяліцца ў тэй краіне, гдзе захочуць.
Фактычна вунія шырака адчыніла дзьверы для польскай экспансыі на Беларусь. Распачалася польская колёнізацыя Беларусі і акаталічваньне, што было тады адназначна з апалячваньнем. Ад Люблінскай вуніі ідзе сталае гострае змаганьне ў ВКЛ паміж беларусамі, украінцамі і жмудзінамі з аднаго боку, і палякамі – з другога. У працэсе гэтага нацыянальнага змаганьня палякі заціснулі беларускую нацыянальнасьць, забараліні ў дзяржаўным ўжытку беларускую мову і амаль зьнішчылі праваслаўе. У разгарнуўшайся барацьбе з боку беларусоў і ўкраінцаў бралі ўдзел вышэйшыя грамадзкія станы, царкоўныя брацтвы і казакі. 3 бегам часу вышэйшыя грамадзкія станы Беларусі былі акаталічаныя і спалянізаваныя, брацтвы здушаны тэррорам, збройныя казацкія змаганьні патоплены ў крыві паўставаўшых беларусоў і ўкраінцаў. Перахавальнікамі праваслаўя і беларускай нацыянальнасьці засталіся сяляне і мяшчане з часткай нізавога духавенства.
Ужо ў 1576 г. да караля Сьцяпана Баторыя паступалі лісты ад беларускай і ўкраінскай шляхты з зажаленьнямі, што з каралеўскай канцэлярыі высылаюцца граматы на польскай мове, а не на беларускай, наўсуперак Люблінскай вуніі, і прасілі на будучыню высылаць граматы на рускай (беларускай) мове.
Асабліва моцную каталіцкую і полёнізацыйную акцыю на Беларусі праводзілі іезуіты, якіх запрасіў на Беларусь віленскі біскуп Валер'ян Пратасэвіч у 1569 г. для барацьбы з пратэстантамі і праваслаўнымі. Іезуіты сталі дараднікамі каралёў, дыплёматамі, выхаваў-цамі, пэдагогамі і прапаведнікамі. ............