Крытыка рэлiгii ў еўрапейскай культуры
ЗМЕСТ
1. Вальнадумства і атэізм як з'явы культуры, іх сутнасць і прычыны ўзнікнення
2. Этапы развіцця вальнадумства і атэізму
3. Секулярызацыя
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Вальнадумства і атэізм як з'явы культуры, іх сутнасць і прычыны ўзнікнення
Рэлігія аказала і працягваее аказвацъ зараз вельмі істотны ўплыў на іншыя галіны культуры: мараль, філасофію, мастацтва, палітыку, права і г.д. Напрыклад, многія сюжэты літаратуры і выяўленчага мастацтва ўзяты са свяшчэнных кніг той ці іншай рэлігіі, адной з важных галін архітэктуры з'яўляецца храмавае будаўніцтва, маральныя нормы, якімі зараз карыстаецца большасць насельніцтва Еўропы (нават няверуючыя), запазычаны з Бібліі ў грамадскім жыцці многіх азіяцкіх краін важную ролю адыгрываюць нормы мусульманскага права і г.д. Гэты ўплыў мог быць не толькі станоўчым, але і адмоўным: дастаткова ўзгадаць канфілікты паміж хрысціянскай царквой і навукай у перыяд Новага часу, забарону ў ісламе выяўлення чалавека, праследаванні іншадумцаў, рэлігійныя войны. У сваю чаргу іншыя галіны культуры таксама аказвалі ўплыў на рэлігію. Напрыклад, рэлігійныя палажэнні фарміраваліся ў паняццях той ці іншай філасофскай сістэмы, пад уплывам зменаў у грамадстве развіваліся погляды царквы па сацыяльных і маральных пытаннях, мянялася роля рэлігіі ў палітычым і прававым жыцці, з'яўляліся новыя стылі ў царкоўнай архітэктуры і г.д.
Як вядома, не заўсёды ўзаемадзеянне рэлігіі з іншымі галінамі культуры адбывалася без канфліктаў. У еўрапейскай культуры існуе доўгая традыцыя крытыкі рэлігіі, якая мела дзве асноўныя формы: вальнадумства і атэізм. У апошнія два стагоддзі яны істотна паўплывалі на развіццё рэлігіі і на рэлігійную сітуацыю ў свеце, таму мы іх разглядаем у нашым курсе.
Трэба падкрэсліць умоўнасць саміх паняццяў "вальнадумства" і "атэізм". Тэрмін "вальнадумства" быў упершыню ўжыты англійскім філосафам А. Колінзам у працы "Разважанні аб вальнадумстве" (1713 г.) для абазначэння вучэння, якое з рацыяналістычных пазіцый адмаўляе некаторыя рэлігійныя дагматы і абрады і адстойвае незалежнасць розуму і навукі ад рэлігіі. У тыя часы рэлігія займала пануючыя пазіцыі, і тыя, хто па тых ці іншых прычынах не згаджаўся з яе палажэннямі, маглі лічыць, што яны мысляць самастойна, "вольна". Аднак ва ўмовах камуністычных рэжымаў, калі прымусова навязвалася атэістычная ідэалогія, менавіта веруючыя людзі мелі права называць сябе вальнадумцамі, бо яны кіраваліся сваімі поглядамі, нягледзячы на праследаванні. Можа быць і рэлігійнае вальнадумства, калі людзі прытрымліваюцца іншай рэлігіі, чым пануючая ў дадзеным грамадстве.
Тэрмін "атэізм" паходзіць са Старажытнай Грэцыі (а – адмаўляльная часціца і theos – бог; дакладна перакладаецца як "бязбожжа"). Атэістамі ў антычнасці называлі людзей, якія адмаўлялі багоў народных вераванняў. Напрыклад, у атэізме быў абвінавачаны філосаф Анаксагор за сцвярджэнне, што Сонца – гэта не бог Апалон, а вялікі раскалёны камень. У Рымскай імперыі за атэізм праследавалі хрысціян, бо яны адмаўляліся шанаваць афіцыйных багоў.
Мы будзем ужываць паняцці "вальнадумства" і "атэізм" у тым значэнні, якое зараз прынята ў рэлігіязнаўве. ............