Установа адукацыі
Магілеўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова
Кафедра беларуская літаратуры
Рэферат
Паэма А.А. Куляшова “Сцяг брыгады”
Магілеў 2007
Творамі незвычайнай лірычнай сілы і духоўнай ёмістасці сталі ваенныя вершы і балады Куляшова, яго паэма «Сцяг брыгады». Драматычныя, нават трагічныя — як і час, у які яны ствараліся, — яны валодалі велізарнай духапад'ёмнасцю, яны гаварылі кожнаму сэрцу, што такое Радзіма, свабода, родны краявід і матчына мова, з чым жыць і як змагацца.
У першыя дні вайны Куляшоў, знаходзячыся ў Мінску, на свае вочы бачыў бамбёжкі, разбурэнні. Бачыў, як гарэў той дом, у якім яны калісьці жылі разам з Таўбіным і Астапенкам і ў якім ён разам з Антонам Бялевічам начаваў перад гэтым, прыехаўшы з Хоцімска. Давялося пакінуць родную Беларусь, перажыць разам з многімі савецкімі людзьмі горыч адступлення. Пешкі дабіраўся паэт да Оршы, адтуль — поездам у Калінін, дзе ўступіў у рады Савецкай Арміі. Быў накіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, а з яго — у армейскую газету «Знамя Советов».
У народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі захавалася некалькі пісем Куляшова ваеннага часу. У адным з іх — даволі падрабязны расказ паэта пра гэты свой шлях на ўсход. 3 дазволу Пімена Емяльянавіча цытуем гэта пісьмо.
«16.1.42 г. Дарагі Пімен! Нядаўна паслаў табе паштоўку, дазнаўшыся, што ты ў «За Савецкую Беларусь», і раптам такая нечаканасць — ліст ад самаго цябе. Ну, братка, лепш ты і прыдумаць не мог. Сёння твой ліст для мяне — падзея. Думаю, што ваяка Айзік (Алесь Кучар — В. Б.) таксама мне напісаў і я ў хуткім часе буду мець яшчэ адну радасць.
Як бачыш — працую я ў «Знаменн Советов», у газеце табе вядомай. Доўгі час я не ведаў, дзе ты, пісаў на імя Лешчынера, але адказу не атрымаў да гэтага часу.
Прыблізна 1 ліпеня ў Оршы я меў гонар чытаць твой верш на рускай мове ў «Красноармейской правде», мне нават запомніўся адзін радок: «до пули последней в стволе». Так, здаецца? Я тады вельмі зайздросціў табе, бо яшчэ не ведаў, што будзе ўперадзе, адзін, без сяброў, у цяжкі для краіны час. Мне тады вельмі хацелася быць з сябрамі, прынамсі з табою.
Але раз ужо ўдарыўся я ў лірыку ўспамінаў, то мушу апісваць усё па парадку. Ты, мусіць, ведаеш ці чуў, што перад падзеямі я бьў у Хоцімску, а жонка мая з дзецьмі ў доме_адпачынку ў Пухавічах. У першы ж дзень я пайшоў у райком партыі, адтуль ехала легкавая машына да станцыі — такім чынам я выехаў з Хоцімску і паехаў у Мінск. Жонку і дзяцей не застаў — яны выехалі ў Хоцімск. Прыехаўшы, адразу пазваніў Міх. Лынькову, ён паабяцаў мне ўзяць мяне да сябе ў «Красноармейскую пр[авду]». Абяцанкі цацанкі, а дурному радасць — у рэдакцыю ўзяты быў іншы чалавек, а мне вельмі далікатна сказана было, што штаты перапоўнены. (...)
Карацей кажучы, апынуўся я на шасэ Мінск — Орша, ішоў разам са Шведзікам і яго жонкай. Потым нас дагнаў Ц., а яшчэ далей— яны селі на грузавік, а я пайшоў пешкі, па дарозе заходзячы ў раённыя ваенкаматы. Там я сустрэўся і з работнікамі свайго Мінскага ваенкамата. Потым ехаў у эшалоне з Оршы. Потым цудам трапіў у газету. Вось уся гісторыя. Працую ў «Знамени Советов», ужо шэсць месяцаў. За гэты час напісаў багата вершаў, заставак, шапак. Але вершы паруску пішу, бо пісаць беларускія няма часу. ............