1. Узнікненне ісламу
Іслам з'яўляецца самай маладой сусветнай рэлігіяй. Ён узнік у VІІ ст. н.э., амаль на 600 гадоў пазней за хрысціянства і больш чым на 1000 – за будызм.
Зараз іслам – другая па колькасці сусветная рэлігія. Яго вызнае 1 мільярд чалавек, больш чым у 120 краінах свету, прычым колькасць прыхільнікаў ісламу інтэнсіўна павялічваецца, дзякуючы, у асноўным, традыцыйна высокай сярод іх ступені нараджальнасці. Асноўная колькасць мусульман жыве ў Заходняй, Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Афрыцы. У 28 краінах іслам з'яўляецца дзяржаўнай альбо афіцыйнай рэлігіяй (Ірак, Іран, Афганістан, Пакістан, Саудаўская Аравія, Егіпет, Марока і інш.).
Іслам узнік сярод арабаў на захадзе Аравійскага паўвострава, калі там ужо былі вядомы іўдзейскія і хрысціянскія погляды. Таму, разглядаючы абставіны ягонага фарміравання, трэба ўлічваць як сацыяльна-эканамічную сітуацыю, у якой знаходзіліся арабскія плямёны ў пачатку VІІ ст., так і ўплыў іншых рэлігій.
Даісламскія арабы – адзін са шматлікіх семіцкіх народаў, якія жылі ў гэтым раёне Бліжняга Усходу з даўніх часоў. Падзяляліся яны на качавыя плямёны, якія пераважна займаліся жывёлагадоўляй, а таксама гарадскіх арабаў, якія жылі за кошт гандлю, часткова рамяства і земляробства. Праз Меку, Ятрыб, Йемен, якія ў першыя стагоддзі н.э. уяўлялі сабой невялікія гарады-протадзяржавы, ішлі гандлёвыя шляхі з Індыі і Кітая ў Еўропу. Гэта давала прыбытак як гараджанам, так і качавым плямёнам, якія бралі плату за бесперашкодны праход караванаў праз свае тэрыторыі.
Аднак у другой палове VІ ст. гандлёвыя шляхі перамясціліся на поўнач Аравійскага паўвострава, што прывяло да крызісу ў былых цэнтрах гандлю, які закранаў таксама і качавыя арабскія плямёны. Таксама ў гэты перыяд узмацняецца небяспека захопу арабских гарадоў суседнімі моцнымі дзяржавамі, перш за ўсё Візантыяй і Іранам. 3'явілася патрэба ў моцнай дзяржаве, якая б аб'яднала плямёны і забяспечыла жыццядзейнасць арабскага грамадства. Напружанасць крытычнай сітуацыі знайшла свае выяўленне ў духоўных браджэннях, што паслужыла штуршком для ўзнікнення новай рэлігіі.
Большасць арабаў з даўніх часоў былі язычнікамі. Яны шанавалі Сонца, Луну, шматлікіх духаў пустыні, памёрлых продкаў. На поўдні Аравіі быў распадсюджаны фетышызм, які знайшоў сваё адлюстраванне ў кульце вялікіх пастаўленых на рабро камянёў. Найбольш знакамітым з іх быў Чорны камень у свяцілішчы Кааба ў Мецы. Ён меў кубічную форму: быў акружаны шматлікімі іншымі каменнымі фетышамі, якія сімвалізавалі розных племянных багоў і духаў і ўспрымаліся ўсімі арабамі як вышэйшы боскі сімвал. Мека з'яўлялася рэлігійным цэнтрам. Некалькі разоў у год, на святы, прадстаўнікі арабскіх плямёнаў наведвалі яе, каб ушанаваць сваіх багоў. Пры гэтым яны прадавалі свае тавары і куплялі тавары ў меканцаў, ад чаго апошнія мелі прыбытак. Даследчыкі лічаць, што шанаванне Чорнага каменя ў нейкай ступені адлюстравала ўзнікаючыя ў арабаў уяўленні аб вышэйшым бостве. Адной з крыніц гэтых уяўленняў былі монатэістычныя рэлігіі іудаізм і хрысціянства. Іудаізм існаваў у Аравіі ўжо амаль тысячагоддзе, асабліва ў гарадах, дзе жылі буйныя суполкі яўрэйскіх гандляроў. У Сірыі, Палестыне, Месапатаміі было шырока распаўсюджана хрысціянства. Апроч таго, побач былі такія хрысціянскія краіны як Візантыя і Егіпет. ............