Творчая дзейнасць Вацлава Ластоўскага
Вацлаў Ластоўскі, паплечнік Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, якія прысвяцілі яму свае вершы, стаяў у самым цэнтры беларускага нацыянальнага руху, народжанага на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму 1905—1907 гг.
На працягу амаль чвэрці стагоддзя імя Власта не сыходзіла са старонак перыядычнага друку (не кажучы пра «Нашу Ніву», дзе з 1909 г. ён працаваў адказным сакратаром). У тых больш чым трох сотнях публікацый дзеяч беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, адзін з ідэолагаў утварэння незалежнай Беларусі, Ластоўскі паўстае як выдатны пісьменнік, крытык, публіцыст, гісторык, мовазнаўца. Пазней Ластоўскі выявіць сябе як паэт, філолаг, этнограф, выдавец, перакладчык, бібліёграф.
У нацыянальнай гісторыі Вацлаў Ластоўскі застанецца і як актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч.
Ён з'яўляўся прэм'ер-міністрам (1919—1923) абвешчанай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, быў адным з першых дырэктараў Беларускага дзяржаўнага музея, правадзейным членам Інстытута беларускай культуры (1927) і адным з першых акадэмікаў Беларускай Акадэміі навук (1928), працаваў яе неадменным сакратаром (1928—1929).
Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 27 кастрычніка 1883 г. паводле старога стылю, а паводле новага 8 лістапада, у засценку Калеснікі Задарожскай парафіі Дзісенскага павета Віленскай губерні (да 1982 г. хутар у Пліскім сельсавеце Глыбоцкага раёна) у сям'і Юстына і Ганны Ластоўскіх.
У хроснай метрыцы бацькі названы мяшчанамі, гэта значыць, хутчэй за ўсё паходзілі з беззямельнай шляхты. Першую навуку чытаць-складаць хлопчык лёгка адолеў дома, і бацькі аддалі сына ў Старапагосцкую школу (1898—1902).
Пасля заканчэння парафіяльнай школкі ў 1894 г. здольны падлетак спрабаваў, па няпэўных звестках, атрымаць адукацыю ў Дзісенскай павятовай вучэльні. Ці скончыў яе — невядома.
Юнацтва Ластоўскага праглядаецца пункцірна і непаслядоўна: хлопчык на паслугах у адной з віленскіх вінных крамак; канцылярыст нейкай казённай установы ў Шаўлях. Але да ўсяго гэтага душа аніяк не гарнулася. Па-ранейшаму вабіла навука. Юнак дапяў да Пецярбурга, дзе ўладкаваўся бібліятэкарам прыватнай студэнцкай бібліятэкі, шмат чытаў і адначасова крадком зазіраў у аўдыторыі універсітэта паслухаць лекцыі славутых прафесараў. Пакрыёмасць выклікана хутчэй за ўсё не так цяжкім матэрыяльным становішчам, колькі адсутнасцю належнага дыплома, які даваў права на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У 1902 г. дзевятнаццацігадовы юнак стаў сябрам Польскай сацыялістычнай партыі Літвы і Беларусі, а летам 1903 г. Вацлаў узяў шлюб з Марыяй Іваноўскай (Іванаўскайтэ, 1872—1957), пазней вядомай пад агульным са старэйшай сястрой Зосяй псеўданімам летувіскай пісьменніцай Лаздзіну Пяледай. Нейкі час маладыя жылі на жончынай радзіме ў мястэчку Парагяй (поўнач Летувы).
Пажыў Вацлаў і ў Рызе. Там у 1906 г. спрабаваў здаць экзамены на атэстат сталасці, аднак, паводле ўласных слоў, «зрэзаўся» на рускай мове. Рыжская няўдача паклала канец безвыніковым спробам атрымаць пацверджанне сваім ведам у выглядзе дыплома. Хлопец моўчкі і зацята працягвае паглыбляць веды нястомнай самаадукацыяй.
Акурат з Рыгі даслаў Ластоўскі першы вядомы допіс у «Нашу Ніву» («Ліст да рэдакцыі «Нашае Нівы», у «сааўтарстве» з Эдвардам Будзькам), апублікаваны 22 траўня 1908 г., з якога вынікала, што рыжскія беларусы збіраюцца «выдаваць зборнікі пісьма краёвага, найбольш творы нашых краёвых пісараў». ............