БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ
кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры
РЭФЕРАТ
на тэму:
«АСАБЛІВАСЦІ ТРАНСФАРМАЦЫІ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ КРАІН ЦЭНТРАЛЬНАЙ І УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ»
МИНСК, 2008
Характарызуючы сучасны стан сродкаў масавай інфармацыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, нельга абмінуць увагай радыкальны характар перамен у грамадскім жыцці гэтага рэгіёна на пачатку 1990-х гг. Падзеі вясны і восені 1989 г. сталі пераломнымі для былых сацыялістычных краін–удзельніц Варшаўскай Дамовы. Менавіта з гэтага часу і пачынаецца перыяд трансфармацыі, які не завершаны і па сённяшні дзень. У дзяржавах гэтага рэгіёна грамадска-палітычная перабудова адбывалася прыкладна па аднолькавай схеме: адхіленне ад улады камуністычнай эліты (дзейнасць «Круглага стала» ў Польшчы ў красавіку 1989 г., які завяршыўся гістарычным пагадненнем прафсаюза «Салідарнасць» з камуністычнай партыяй і ўрадам; адмена пазачарговым з'ездам Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі 7 кастрычніка 1989 г. прынцыпу дыктатуры пралетарыяту і ўнясенне 90 паправак у Канстытуцыю; «ціхая рэвалюцыя» ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ў кастрычніку–лістападзе 1989 г., якая завяршылася адстаўкай Эрыха Хонакера і разбурэннем Берлінскай сцяны, «аксамітная рэвалюцыя» ў Чэхаславакіі, якая завяршылася адменай артыкула ў Канстытуцыі аб кіруючай ролі камуністычнай партыі і стварэннем кааліцыйнага ўрада; адстаўка лідэра Балгарскай камуністычнай партыі Тодара Жыўкава 10 лістапада 1989 г.; нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Цімішоары і Бухарэсце 14–25 снежня 1989 г., якое завяршылася расстрэлам румынскага лідэра Мікалае Чаўшэску), правядзенне дэмакратычных выбараў і фарміравання новай інфраструктуры сродкаў масавай інфармацыі.
На пачатак 1990-х гг. прыпадае росквіт такіх арганізацый, як Саюз дэмакратычных сіл у Балгарыі, Дэмакратычны форум у Венгрыі, «Салідарнасць» у Польшчы, Грамадзянскі форум у Чэхаславакіі і інш., якія ўтварыліся з дысідэнцкіх плыняў 1960–1970-х гг. Друкаваныя органы гэтых суполак, якія раней выдавался нелегальна, напрыклад чэшская «Народная газета» ці румынская «Свабодная Румынія», пасля разбурэння старых палітычных рэжымаў выйшлі з падполля і прэтэндавалі на ролю агульнанацыянальных.
Істотнай з'явай, якая паўплывала на фарміраванне новай інфармацыйнай прасторы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стала заканадаўчая адмена дзяржаўнай цэнзуры і абвяшчэнне свабоды слова. Напрыклад, у Польшчы новы закон аб друку быў уведзены ў дзеянне ўжо ў красавіку 1990 г. Сістэма дзяржаўных ліцэнзій была адменена ў Венгрыі і Румыніі. У Балгарыі, Югаславіі і Чэхаславакіі распрацоўка новых законаў аб друку знарок зацягвалася. Не ў апошнюю чаргу зацягванне было выклікана страхам новых, цяпер ужо дэмакратычных урадаў, цалкам страціць кантроль, нават апасродкаваны, над перыядычным друкам.
Аднак ва ўсіх краінах рэгіёна права на выданне друкаванай прадукцыі атрымалі прыватныя асобы. І гэтая акалічнасць спрычынілася, па-першае, да пачатку ўлетку 1990 г. «інфармацыйнага бума», калі за паўгода колькасць зарэгістраваных перыядычных выданняў узрасла ў дзясяткі разоў, і па-другое, да з'яўлення тэрміна «незалежная прэса» (тэрмін падкрэсліваў перш за ўсё незалежнасць ад дзяржаўнага ці якога-небудзь іншага кантролю). ............