Часть полного текста документа: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка Факультэт беларускай філалогіі і культуры Кафедра беларускага мовазнаўства Дыялектызмы ў творах І. Пташнікава Дыпломная праца студэнткі 505 групы Кунцэвіч Наталлі Мікалаеўны Навуковы кіраўнік - дацэнт Панюціч К.М. Мінск 2001 Змест Уступ. Іван Пташнікаў - майстар слова................................................................3 I раздзел. Дыялектнае слова ў мастацкім творы......................................9 II раздзел. Тыпы дыялектызмаў у творах І. Пташнікава...........................17 1.Лексічныя дыялектызмы................................................17 2.Семантычныя дыялектызмы...........................................46 3.Фанетычныя дыялектызмы..............................................49 4.Граматычныя дыялектызмы............................................56 5.Словаўтваральныя дыялектызмы.....................................69 III раздзел. Спосабы ўключэння дыялектызмаў у кантэкст.......................81 Заключэнне..................................................................................84 Літаратура...................................................................................87 Паказальнік лексічных дыялектызмаў ................................................92 Уступ. Іван Пташнікаў - майстар слова. Іван Пташнікаў выступіў у друку з вершамі ў 1952 годзе .Першы празаічны твор - аповесць "Чачык", якую ён апублікаваў у часопісе "Полымя". І. Пташнікаў - аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў "Зерне падае не на камень", "Сцяпан Жыхар са Сцешыц", аповесцей "Лонва", "Тартак"( паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены аднайменны тэлефільм), "Найдорф", раманаў "Чакай у далёкіх Грынях", "Мсціжы", "Алімпіяда" (пастаўлены аднайменны тэлеспектакль). У 1980 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, зараз апублікаваны збор твораў у 4-х тамах, які быў надрукаваны ў 1990-1992 гадах. І. Пташнікаў--лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа за аповесць "Найдорф". Сёння, калі гэтым самабытным мастаком слова напісана ўжо нямала, вельмі добра відаць нязменная прывязанасць яго да родных мясцін Лагойшчыны. Там разгортваюцца падзеі ўсіх яго твораў. Пісьменнік найлепш ведае тых людзей, з якімі разам жыў, рос, якія народжаны той самаю, што і ён, зямлёю. І. Пташнікаў шырока, разгорнута і ўсебакова ўзнаўляе падзеі тых гадоў, якія ў яго памяці, у свядомасці - вайна, пасляваенныя гады, сучаснасць. Жыццё чалавека ў яго творах увасабляе ў сабе ўсё жыццё вёскі, а жыццё вёскі - жыццё народа. Творчасць Пташнікава адметная ўзнаўленнем народнага жыцця, увагай да самабытных характараў, шматфарбнасцю мовы. Ужо на першую аповесць І.Пташнікава"Чачык" з'явіліся станоўчыя рэцэнзіі, у якіх адзначалася:"Жывапіснасці і маляўнічасці мовы аповесці цяжка не заўважыць, у ёй, бадай,галоўная заслуга Івана Пташнікава. |Іменна гэтая разнастайнасць і яркасць моўнага матэрыялу, а таксама арыгінальнасць задумы і ўдача цэнтральнага вобраза даюць,як нам здаецца, падставы думаць, што малады пісьменнік на правільным шляху."1 1 Клімашэўская І. Першая аповесць // Літаратура і мастацтва, 1957, 2 мая Не зусім удалым, як лічаць крытыкі, быў першы раман І.Пташнікава "Чакай у далёкіх Грынях". Адзначалася, што ў рамане прысутнічала як бы майстэрства дзеля майстэрства, асобныя лірычныя адступленні, замалёўкі падаваліся эфектна, але не заўсёды арганічна ўваходзілі ў мастацкую тканіну твора. ............ |