Гістарорыя этнаграфіі Беларусі
шляхта сялянство тэрыторыя каланізацыя
Першыя пісьмовыя звесткі пра нашу краіну і яе насельніцтва вядомы даўно – больш за 2 тыс. гадоў таму. Дакладна пра старажытнае насельніцтва Беларусі – крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, літву, яцвягаў і іншых паведамляюць летапісы, у прыватнасці «Аповесць мінулых часоў» («Повесть временных лет», пач. XII ст.). У аснову «Аповесці» былі пакладзены больш раннія звесткі пра славян; яе аўтар (ім быў, верагодна, манах Кіева-Пячэрскай лаўры Нестар) пачынае свой летапіс з біблейскіх часоў, расказвае пра паходжанне славян, іх рассяленне на Ўсходне-Еўрапейскай раўніне, складаныя ўзаемаадносіны з суседзямі (венграмі, хазарамі, германцамі, балтамі і інш.), звяртае ўвагу і на грамадскі лад жыцця, звычаі, вераванні. Нягледзячы на агульнае паходжанне і рэлігію славянскіх плямён, у іх назіраліся прыкметныя культурна-бытавыя асаблівасці; летапісец даволі падрабязна расказвае пра сямейна-шлюбныя адносіны ў палян, іх «кротость и стыдение ко снохам и матерям», нетрываласць шлюбу ў драўлян, пра ігрышчы, што наладжваюцца паміж сёламі ў радзімічаў, дзе адбываюцца «плясания и бесовска песни» і «умыкаху жены собе», пра перажыткі матрыярхату ў мазаўшан, пра ўстойлівы звычай славян і крывічоў парыцца з венікам у лазнях («і тако самі ся мачат, едва вылезут живи»), што было не ўласціва дрыгавічам, палянам і валынянам. У ХІV – ХVІІ стст. з’яўляюцца летапісы-хронікі – «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1578, 1581), «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага (1582), «Хроніка Быхаўца» (1-ая пал. ХVІ ст.), «Баркулабаўскі летапіс» (пач. ХVІІ ст.), «Хроніка горада Магілёва». У іх побач з запісамі гістарычных падзей даецца цікавая інфармацыя аб этнічнай геаграфіі сярэднявечча, аб ладзе жыцця, звычаях і вераваннях мясцовага насельніцтва. Выдатным літаратурна-энтаграфічным помнікам эпохі Адраджэння з’яўляецца «Паэма пра зубра» Міколы Гусоўскага (выдадзена першапачаткова на лацінскай мове. Кракаў, 1523). Паэт-гуманіст з вялікай любоўю апісаў свой край – Беларусь, прыгажосць яе прыроды, быт і заняткі жыхароў – ратных рыцараў, паляўнічых, аратых. Са знакамітых дзеячаў сярэднявечча, якія ўнеслі каштоўны ўклад у вывучэнне праблем этнічнай культуры, мясцовага быту і звычаевага права, варта назваць Саламона Рысінскага (1560 (?) – 1625) і Льва Сапегу (1557–1633).У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. выйшаў шэраг прац па краязнаўству і этнаграфіі Беларусі. Сярод іх адзначым, у прыватнасці, такія як: А. Меер. Апісанне Крычаўскага графства, або былога староства 1786 года; І. Ляпехін. Дзеннікавыя запіскі падарожжа… (1780, 1805), В. Севяргін. Запіскі падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы (1803); Л. Галамбеўскі. Дом і двары (Domy i dwory, 1830), Люд польскі, яго звычаі і забабоны (1830); З. Даленга-Хадакоўскі. Пра славяншчыну ды хрысціянства (1818); Ю. Крашэўскі. Успаміны з Валыні, Палесся і Літвы (1840); Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны (1839); Я. Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844–1846) і інш.
Быт шляхты і беларускага сялянства знайшоў свае адлюстраванне і ў мастацкіх творах Адама Міцкевіча і Ўладзіслава Сыракомлі (Кандратовіча). Нагадаем паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і «Дзяды». У Сыракомлі, апрача шматлікіх паэтычных твораў, ёсць спецыяльныя краязнаўча-этнаграфічныя працы – «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), «Экскурсія па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. ............