Літаратура першай паловы XVI ст.
1. Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры першай паловы XVI ст.
Новы этап у развіцці беларускай літаратуры пачаўся ў XVI ст. Ён быў выкліканы важнымі сацыяльна-палітычнымі і культурна-гістарычнымі зменамі ў жыцці Беларусі таго часу. Да XVI ст. былі ліквідаваны рэшткі феадальнай раздробленасці, узмацнілася цэнтралізацыя краіны, што садзейнічала далейшаму грамадскаму прагрэсу. Пасля разбуральных нападаў крымскіх татар і вайны з Расіяй у пачатку XVI ст. наступілі гады адносна мірнага жыцця і стваральнай працы. Бурна развіваліся гарады, рамёствы і гандаль, пашырыліся і ўзмацніліся ўнутраныя і знешнія ўзаемасувязі, актывізавалася грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Да гэтага часу ў асноўным завяршылася таксама этнічная кансалідацыя беларускіх зямель, сфарміравалася беларуская народнасць. Беларусь уступіла ў эпоху сталага феадалізму.
У культурна-гістарычным плане гэта была эпоха Адраджэння, светапогляд якой вызначаў рэнесансавы гуманізм. Адбывалася далейшая секулярызацыя культуры, узмацняўся працэс разбурэння сярэдневяковага сінкрэтызму. Аднак складаныя сацыяльныя ўмовы другой паловы XVI ст. (Лівонская вайна, Люблінская унія 1569 г., рост грамадскай напружанасці і інш.) не далі магчымасці нармальна развіцца мноіім рэнесансавым з'явам беларускай літаратуры і мастацтва, паскорылі зараджэнне барочных тэндэнцый. Тым не менш, менавіта ў эпоху Адраджэння і ранняга барока беларускі народ дасягнуў такога высокага ўзроўню культурнага развіцця, стварыў такія выдатныя мастацкія каштоўнасці, якія вывелі Беларусь на перадавыя пазіцыі ва Усходняй Еўропе.
З эпохай гуманізму непасрэдна звязаны таксама ўздым нацыянальнай самасвядомасці народаў і адраджэнне народных моў. Да пачатку XVI ст. у асноўным завяршыўся працэс вызвапення мовы беларускага свецкага пісьменства ад архаічных, стараславянскіх элементаў (апрача арфаграфіі) і на грунце жывой гутарковай мовы сфарміравалася старабеларуская літаратурная мова, якая вылучалася вялікай функцыянальнай і жанрава-стылявой разнастайнасцю, багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў. Яе ўзор – мова беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік, лепшых перакладных твораў, а таксама Статута Вялікага княства Літоўскага, выдатнага помніка дзелавога пісьменства і права беларускага і літоўскага народаў, аднаго з першых у Еўропе зводу законаў.
Працэс дэмакратызацыі мовы беларускага пісьменства быў настолькі моцным, што закрануў нават царкоўна-рэлігійную літаратуру. Ужо ў другой палове XV – пачатку XVI ст. на беларускую мову былі перакладзены духоўныя аповесці «Жыццё святога Аляксея», «Страсці Хрыстовы» («Пакуты Хрыста»), шэраг біблейскіх кніг. Вялікае культурна-гістарычнае і нацыянальнае значэнне мела кнігавыдавецкая і перакладчыцкая дзейнасць Ф. Скарыны.
У XVI ст. на Беларусі назіраецца значная актывізацыя перакладчыцкай справы, выкліканая далейшым ростам духоўных запатрабаванняў розных слаёў беларускага насельніцтва, асабліва шляхты і гараджан, уздымам цікавасці да гісторыі і культуры іншых народаў. Паказальна, што калі спачатку перакладаліся найбольш творы царкоўна-рэлігійнага зместу, то ў другой палове стагоддзя перавага стала аддавацца помнікам свецкага характару, у чым нельга не бачыць уплыву новых, гуманістычных тэндэнцый часу. ............