Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы
Змест
1. Аб’ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны
2. Фаналогія і арфаграфія. Графіка беларускай мовы
3. Паняцце транскрыпцыі
4. Паняцце арфаэпіі. Вымаўленне галосных
5. Вымаўленне зычных
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Аб’ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны У аснове абодвух беларускіх лінгвістычных тэрмінаў ляжыць грэчаскі лексічны кампанент, які кірыліцай перадаецца словам фон, што значыць гук, голас, тон, або найменні дысцыплін фанетыка і фаналогія матывуюцца адпаведным перакладам з грэчаскай мовы, ужывальным у большасці еўрапейскіх моў для назвы навук аб гукавой форме мовы.
Значыць, прадметам вывучэння дадзеных навук служыць менавіта гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння, бо пісьмовая форма з’яўляецца другаснай, часцей за ўсё вытворнай ад гукавой для моў з літарным алфавітам. Знешняе фармальнае падабенства згаданых лінгвістычных тэрмінаў у дадзеным выпадку вынікае з еднасці аб’екта даследавання, які, аднак, у сучасным мовазнаўстве разглядаецца з двух бакоў, або аспектаў, пунктаў гледжання: маўлення і мовы. У нашай маўленчай дзейнасці (акты гаварэння і яго ўспрымання) вылучаецца ўласна маўленне, ці канкрэтныя, успрымальныя нашымі органамі пачуццяў гукі чалавечага голасу, і мова, ці адцягненая, абагульненая з’ява, якая ўяўляе сабой разумовы канструкт і аб’ядноўвае (сінтэзуе) у сябе ўсе тыя стабільныя, канстантныя рысы, што паўтараюцца ў бясконцых актах маўлення, і такім чынам, лучыць іх, нягледзячы на індывідуальны і непаўторны характар кожнага акту, у сацыяльна значымыя, зразумелыя для ўсіх носьбітаў пэўнай мовы, адзінкі.
Фанетыка - гэта навука аб гуках маўлення, а фаналогія - навука аб гуках мовы. Фанетыка вывучае вонкавую членападзельную гукавую матэрыю маўлення, яго дыскрэтныя кампаненты, іх акустычныя і артыкуляцыйныя характарыстыкі, асаблівасці і правілы спалучэння выдзеленых кампанентаў, прасадычныя (націск, мелодыка, інтанацыя, тон і інш.) уласцівасці гукаў і гукавых ланцужкоў маўлення. Фаналогія ж даследуе суадносныя з гукамі чалавечага голаса, але ўжо абстрактныя, адцягненыя мінімальныя адзінкі мовы, якія называюцца фанемамі і характарызуюцца з пункту гледжання тых функцый, што выконваюцца імі ў мове. Так, найбольш частотны гук беларускай мовы а, на яго прыпадае амаль кожны пяты гук нашага маўлення, пры выкарыстанні асобным носьбітам мовы характарызуецца бясконцымі і разнастайнымі індывідуальнымі нюансамі свайго вымаўлення ў залежнасці як ад сваёй пазіцыі ў слове (націскны ці ненаціскны, пачатак, сярэдзіна ці канец слова, акружэнне іншымі гукамі, або дыстрыбуцыя і г. д.), так і ад псіхафізіялагічных уласцівасцяў кожнага асобнага чалавека (пол, узрост, фізічны і псіхічны стан чалавека ў момант маўлення і г. д.). Тым не менш уся бясконцая колькасць вымаўленых, вымаўляемых зараз і сказаных ў будучым варыянтаў гука аб’ядноўваюцца ў адзін інварыянтны кампанент, ці фанему, на аснове найперш сваёй галоўнай дыферэнцыяльнай функцыі ў мове. Такой функцыяй фанемы служыць сэнсаадрознівальная функцыя, з дапамогай якой мы не блытаем словы, а падзяляем іх на выразныя, самастойныя адзінкі са сваім індывідуальным і непаўторным сэнсам, планам зместу.
Гукі нашай мовы з’яўляюцца аб’ёмнымі, шматмернымі адзінкамі, таму навука аб іх, фанетыка, падзяляеца на цэлы шэраг паддысцыплін у залежнасці ад падыходу да таго ці іншага аспекту гэтых адзінак, або пункту гледжання. Так, агульная фанетыка вывучае асаблівасці гукаў чалавечага голасу ўвогуле, незалежна ад пэўнай мовы. ............