БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ
Кафедра беларускай і рускай моў ФДП і ПА
Рэферат на тэму:
«ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ. ТЭРМІНАЛАГІЧНАЯ ЛЕКСІКА»
Мiнск, 2008
З ГІСТОРЫІ ФАРМІРАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ
Фарміраванне беларускай тэрміналогіі адбывалася непасрэдна ў працэсе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічнай работы.
У ХІV – XVI стст., калі беларуская мова мела статус дзяржаўнай у ВКЛ, найбольш развітымі тэрміналагічнымі сістэмамі былі грамадска-палітычная, юрыдычная, сельска-гаспадарчая, прамысловая, гандлёвая, ваенная, філалагічная. Ролю тэрміналагічных слоўнікаў у гэты час часткова выконвалі глосы, якія змяшчаліся на палях ці паміж радкамі рукапісу або друкаванага выдання, часткова слоўнікі Л. Зізанія (“Лексіс”, 1596 г.) і П. Бярынды (“Лексікон”, 1624). Аднак спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў не было.
Забарона беларускай мовы ў значнай ступені разарвала пісьмовую традыцыю, адмоўна сказалася на пераемнасці ў тэрміналогіі.
Беларуская навуковая тэрміналогія пачала фарміравацца ў самым пачатку ХХ стагоддзя, калі адрадзілася кнігадрукаванне, з’явіліся кнігі, газеты, навуковыя і навукова-папулярныя брашуры на беларускай мове.
У лютым 1921 г. пачала працу Навукова-тэрміналагічная камісія, у склад якой уваходзілі тры секцыі: гуманітарных, прыродазнаўчых і матэматычных навук. Камісія павінна была апрацаваць беларускую тэрміналогію па ўсіх галінах ведаў у аб’ёме сярэдняй школы. За час працы камісіі было створана і прапанавана для ўжывання каля 2500 слоў-тэрмінаў, якія друкаваліся на старонках “Весніка Народнага камісарыята асветы ССРБ” у 1921-1922 гг., а ў стане распрацоўкі знаходзіліся яшчэ 4184 тэрміналагічныя найменні. Аднак у працэсе такой дзейнасці высветлілася, што праца камісіі не адпавядае моўнай практыцы і для стварэння беларускай тэрміналогіі патрэбны былі іншыя маштабы, якія б ахапілі ўсю тэрміналагічную лексіку. Таму 30 студзеня 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. У выніку тэрміналагічнай працы ў перыяд з 1922 па 1930 гг. было апублікавана больш за 30 тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі.
Галоўным прынцыпам працы камісіі было ўвядзенне слоў, якія бытавалі ў жывой народнай мове. Так, у сферу навукі былі ўведзены агульнаўжывальныя словы бялок, сцябло, , ланцуг, ціск, сіла ды іншыя, якія страчвалі сваю бытавую выразнасць, набывалі строга акрэсленае спецыяльнае значэнне.
Другі напрамак – стварэнне неалагізмаў згодна законаў беларускай мовы. Ва ўжытак уводзіліся калькі з рускай мовы: азначэнне, вочка, суквецце. Узмацненне пурыстычных тэндэнцый прывяло да таго, што часам неалагізмы пачалі стварацца без уліку пашырэння таго ці іншага слова ў мове, толькі каб пазбавіцца чужых слоў: замест гібрыд – мяшанец, пейзаж – краеабраз, песіміст – смутнаглядзец, пралетарый – бабыль, прафесійны – умецкі, фокус – вогнішча і пад. У пэўнай ступені штучнымі былі наватворныя пустаслоўе (дыялектыка), вызыск (эксплуатацыя), пашыршчык (прапагандыст), споказ (дэманстрацыя), пераносня (метафара), кантаслуп (прызма), старчак (перпендыкуляр) і пад. Іншамоўныя тэрміны ўжываліся вельмі рэдка і, як правіла, у выпадках, калі ў народнай мове не было адпаведнага беларускага тэрміна. ............