Літаратура XIV-XV ст.
ЗМЕСТ
1. Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця
2. Летапісы
3. Творы іншых жанраў
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця
Нягледзячы на багатыя традыцыі літаратуры даўняй Русі, станаўленне ўласна беларускай літаратуры адбывалася даволі марудна. Гэта было абумоўлена шматлікімі прычынамі, у першую чаргу запаволенасцю працэсу фарміравання беларускай народнасці, своеасаблівасцю і складанасцю яе гістарычнага шляху, характарам духоўнага жыцця ў сярэдневяковай Беларусі. Панаванне дагматычнай царкоўна-рэлігійнай ідэалогіі, нарматыўнай, уніфікуючай хрысціянскай эстэтыкі і традыцыйнага службовага пісьменства, а таксама манаполія кансерватыўнага духавенства на кніжную асвету давалі мала творчага прастору тагачасным пісьменнікам, стрымлівалі развіццё арыгінальнай літаратуры. Адным з асноўных сродкаў мастацкага асваення рэчаіснасці, выяўлення творчых сіл, думак і імкненняў народных мас, задавальнення іх эстэтычных пачуццяў і пазнавальных інтарэсаў па-ранейшаму служыў фальклор. Аднак важныя грамадска-палітычныя зрухі, што адбыліся на беларускіх землях на працягу XIV—XV ст., далейшы сацыяльны і культурны прагрэс выклікалі адпаведныя змены і ў духоўных запатрабаваннях розных слаёў насельніцтва. Само жыццё вымагала абнаўлення і творчага ўзбагачэння старых літаратурных традыцый, існуючага (пераважна іншаземнага паходжання) фонду пісьменства, асноўным зместам якога былі вечныя праблемы быцця і маральнага ўдасканалення чалавека. Час патрабаваў адпаведных актуальным задачам дня твораў, у якіх больш непасрэдна і канкрэтна адлюстроўвалася б гістарычнае жыццё народа і рэальнай асобы з пункту погляду іх нацыянальных і грамадзянскіх інтарэсаў. Свежыя павевы часу дабратворна ўплывалі на літаратуру, пераменлівая рэчаіснасць прымушала яе ісці ў нагу з жыццём, развівацца, хоць розныя кансерватыўныя фактары і тэндэнцыі моцна стрымлівалі яе альбо накіроўвалі ў іншым напрамку. Калі ж асобныя літаратурныя жанры адставалі ад жыцця і парывалі сувязь з часам, калі літаратура адрывалася ад роднай глебы і сваіх традыцый, то тады яны гублялі сваю актуальнасць, пераставалі развівацца і занепадалі.
Станаўленню ўласна беларускай літаратуры спрыяла таксама тая акалічнасць, што ў Вялікім княстве Літоўскім старабеларуская мова з XIV ст. была афіцыйна прызнана агульнадзяржаўнаю і стала важным сродкам грамадскіх зносін. Гэта садзейнічала шырокаму развіццю на Беларусі дзелавога пісьменства, мова якога была спачатку непасрэдным працягам свецкага стылю так званай старажытнарускай мовы, але дзякуючы моцнаму ўздзеянню жывой народнай гаворкі паступова набывала іншы характар і адыграла важную ролю ў выпрацоўцы ўласна беларускай літаратурнай мовы. Першымі помнікамі пісьменства, напісанымі па-беларуску, былі акты, граматы, лісты і іншыя свецкія творы службовага прызначэння. Адносна спрыяльныя культурна-гістарычныя ўмовы для развіцця беларускай літаратурнай мовы, якія склаліся на Беларусі ў XV—XVI ст., садзейнічалі яе пранікненню і ў рэлігійнае пісьменства. ............