Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг
ЗМЕСТ
1. Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг
1.1 Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг.)
1.2 Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Індустрыялізацыя
1.3 Масавая калектывізацыя. Яе наступствы для развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі
1.4 Сацыяльная палітыка на Беларусі ў 1928-1941 гг. Матэрыяльны дабрабыт беларусаў
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг
1.1 Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг)
У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Усталёўваліся загадныя метады кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Бюракратычны апарат зліўся з партыйным і пераўтварыўся па сутнасці ў асобны сацыяльны клас. У выніку зрошчвання дзяржаўнага і партыйнага апарату рэзка знізілася роля выбарных Саветаў. Выканаўчая ўлада стала кантраляваць органы заканадаўчай улады. Тэрытарыяльныя рэспубліканскія прафсаюзы ліквідаваліся, у БССР быў прызначаны ўпаўнаважаны ВЦСПС. У кіраванні спалучаліся метады татальнай цэнтралізацыі, адміністрацыйна-загадныя метады кіравання і дзяржаўны тэрор у дачыненні да незадаволеных і патэнцыяльна незадаволеных асоб. Адбылася змена сацыяльных слаёў насельніцтва і яго інстытутаў, на якія зараз абапіраліся ўлады – гэта люмпенізаванае насельніцтва, бюракратыя, армія, праваахоўчыя і карныя структуры.
Адначасова Канстытуцыя СССР 1936 года і напісаная на яе аснове Канстытуцыя БССР 1937 года былі амаль не самымі дэмакратычнымі ў свеце. Яна вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Дэкларавала шматлікія дэмакратычныя свабоды. Аднак выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1938 года і давыбары 1940 года ў Заходняй Беларусі прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, была зафіксавана 100% яўка выбаршчыкаў.
Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад “ворагаў народа” і палітычных рэпрэсій. “Ворагі народа” былі патрэбны, каб спісаць на іх няўдачы ў эканамічным развіцці. Гэта так сама было падставай для ліквідацыі палітычных праціўнікаў улады, паралізавання пратэстных настроеў у насельніцтва. Да тагож з абвінавачаных можна было стварыць шматмільённую працоўную армію рабоў (ГУЛАГ), на якую не распаўсюджваліся сацыяльныя гарантыі і працоўнае заканадаўства.
І.Сталін заявіў, што рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам. Карані рэпрэсій 1930-х гадоў ляжалі ў вераснеўскай пастанове СНК РСФСР яшчэ 1918 года, якая ўводзіла «чырвоны тэрор». Падрыхтоўка да вынішчэння “класавых ворагаў” пачалася ў пачатку дзесяцігоддзя. Так, міліцыя была выведзена з падпарадкавання мясцовых уладаў і перададзена АДПУ СССР, якое ў ліпені 1934 года было перайменавана ў НКУС СССР. У рамках НКУС ствараліся Асобыя нарады, якія мелі права караць без судовых пастаноў. Пасля забойства Кірава ў снежні 1934 года спрашчалася следства па “тэрарыстычных” справах, якія праводзіліся без адвакатаў і пракурораў, “нарадамі” з 3-5 асоб. Спрошчанае следства было ў 1937 годзе пашырана на справы па шкодніцтву і дыверсіям. Смяротны прысуд выконваўся адразу. Да арыштаваных дазвалялася (а з 1939 года патрабавалася) прымяненне фізічнага ўздзеяння. ............