Феадальная эканоміка на Беларусі ў ІХ – ХІІ стагоддзях
ЗМЕСТ
1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці
2. Гаспадарчае развіццё княстваў, зямель і гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў IX — першай палове XIII ст.
2.1 Земляробства
2.2 Бортніцтва
2.3 Хатнія промыслы
3. Эканамічныя прычыны феадальнай раздробленасці
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці
Тэрмін "феадалізм" быў уведзены ў навуку ў XIX ст. Ен абазначаў адпаведны эканамічны і грамадска-палітычны лад. Даследчыкі разглядалі феадальныя адносіны як спалучэнне вярхоўнай і мясцовай улады з землеўладаннем, станаўленне васальнай іерархіі. У выніку феадалізм можна вызначыць як грамадска-палітычны і эканамічны лад, што характарызаваўся наступнымі прыкметамі:
- панаваннем аграрнай вытворчасці;
- спалучэннем права землеўладання з палітычнай уладай і васальнымі абавязкамі;
- панаваннем іерархіі ваеннага саслоўя;
- асабістай залежнасцю сялян ад гэтага саслоўя;
- натуральным характарам гаспадаркі.
Пры феадалізме такая галіна аграрнай вытворчасці як земляробства становіцца асноўным заняткам большай часткі насельніцтва. З земляробствам звязаны жывёлагадоўля, што давала цяглавую сілу і ўгнаенне для палёў, і падсобныя промыслы ці выраб прылад працы. Адначасова захоўвалі важную ролю паляванне, рыбная лоўля, бортніцтва. Пры феадалізме працягвала існаваць так званая натуральная гаспадарка, арыентаваная на самазабеспячэнне асноўных патрэб. Развіццё рамяства, гандлю, таварнай гаспадаркі праходзіла павольна, паступова выклікала разлажэнне феадальных адносін.
Для феадалізму характэрна асабістае і эканамічнае падпарадкаванне сялян землеўладальнікам. Сяляне карысталіся надзелам зямлі, мелі сродкі вытворчасці, але пазбаўляліся права распараджацца сваім надзелам, а потым і сваёй асобай, траплялі пад юрысдыкцыю феадалаў і станавіліся часткай іх маёмасці. На тэрыторыі Беларусі такое становішча сялянства было замацавана ў XVI ст. Запрыгоньванне сялян распаўсюджваецца і ўзмацняецца ва ўмовах росту таварнасці сельскай гаспадаркі, калі буйныя землеўладальнікі праз юрыдычнае права рэалізуюць сваю зацікаўленасць у замацаванні работніка за зямлёй.
Сярод іншых асаблівасцяў феадальнага ладу трэба адзначыць складаную саслоўную іерархію і карпаратыўнасць, сацыяльна-юрыдычны статус са шматлікімі прывілеямі і абавязкамі перадаваўся па спадчыне. Багацце станавілася знакам прэстыжу, шчодрасці, гасціннасці, гонару феадала. Маёмасць трэба было дарыць, раздаваць прыбліжаным, васалам, якія станавіліся маральна і юрыдычна абавязанымі гаспадару і служылі яму, ахвяраваць царкве.
Матэрыяльная вытворчасць разглядалася як сродак самазабеспячэння, годнага існавання. Гандаль і асабліва махлярства пераважна асуджаліся. Разам з тым праца разглядалася як занятак ніжэйшых саслоўяў, сродак падаўлення грахоўнасці, якая, спалучаецца з бяздзейнасцю. Такі погляд распаўсюджваўся рэлігіяй, што становіцца пры феадалізме ўніверсальным рэгулятарам грамадскага жыцця.
Эканамічныя ўзаемаадносіны сялян з феадаламі рэгуляваліся феадальнай рэнтай, якая выступала ў трох асноўных відах:
1) натуральная, называлася данінаю, потым натуральным аброкам, аддавалася прадуктамі земляробства, палявання, рыбнай лоўлі, бортніцтва, пераважала падчас станаўлення феадальных адносін;
2) адпрацовачная, забіралася ў форме паншчыны, будаўнічай, фурманкавай, ахоўнай і іншых павіннасцяў; была асноўнай формай феадальных абавязкаў сялян падчас сталага феадалізму і пачатку яго разлажэння. ............